Арт-фотапраект “Дрыяды” напрацягу дзесяці месяцаў збіраў розных людзей, выкарыстоўваў іх магчымасці, выпрабоўваў здольнасці, цярпенне і талент.  Аўтары наблізіліся да ідэі яднання жаноцкай прыгажосці і расліннага свету, шукаючы мастацкія вобразы ў зменлівым кантэксце прыродых дэкарацый.

Цэнтрам творчай увагі сталі так званыя “Дрыяды” – німфы дрэваў, заступніцы лясоў, міфічныя існасці. Лічыцца, што яны здольныя прадказваць будучыню і дапамагаць людзям. Дрыяды спрабуюць размаўляць, але не валодаюць чалавечай мовай. Яны валодаюць вамі, пакуль вы знаходзіцеся ў захапленні. Дрыяды: апісанню паддаецца толькі тое, што нам падаецца. І не фота-факт, што ўсё гэта – праўда.

Праект ствараўся напрацягу 10 месяцаў. На 45 мастацкіх фотаздымках, выкананых у аўтарскай тэхніцы, якая нагадвае сінтэз жывапісу імпрэсіяністаў і акварэлі, беларускія Дрыяды своеасабліва спалучаюць авангардныя касцюмы, складаныя прычоскі ды макіяж і арыгінальныя аўтарскія ўпрыгожванні.

4 снежня 2014 г. – 12 студзеня 2015 г. – выстава ў Нацыянальным Мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

​​​​​​​

СТУДЗЕНЬ

Гэта толькі размовы. Час усё пачынаць. Немагчыма цалкам аднавіцца. Вымушаны працяг неакрэсленых спадзяванняў. Сезонныя абяцанні. Вакол шмат што белае, але там холад. Навошта вопыт? Быць асцярожным – не значыць “стаяць на месцы”. У паперках разгорнутых цукерак па-дзіцячаму соладка. Выдумляць сабе крылы – таксама справа. Ладзіць іх – спроба ўзняцца.



ЛЮТЫ

Чаканне. Цярпенне. Падлік дзён. Безвынікова. Чаго жадаць? Куды рухацца? Хіба не бачыш – люты? Бязлітасны. Супакойся ўжо. Апошні зімні. Калі не падрабязна – чорныя галінкі ды мароз. А яшчэ новы мелкі сняжок. Як надакучыў? Чаканне. Цярпенне. Чаканне… Прысыпае снегам сілуэты дрэваў. Можа, і клапатліва. Чаканне. Цярпенне… Так і пройдзе… Зразумела? Пройдзе само. Рыхтавацца да вясны трэба. Потым будзеш дэманстраваць  свой вытанчаны густ.



САКАВІК

Правілы паводзінаў:  павольна, стрымана, паступова. Першы подых вясны негарачы. Ён пяшчотны, не гатовы да актыўных дзеянняў. Гэта інтымнае пытанне з удакладненнем, ці можна? Дайце дазвол. Таямнічая прыгажосць прачынаецца, ціха расплюшчвае вочы,  прыбірае спутаныя валасы і ледзь дакранаецца лёгкай усмешкай вуснаў. Зачараваная, казачная, неверагодная. Неяўнае адлюстраванне, несказаныя словы, неразгаданае пачуццё. 



КРАСАВІК

Разам са сваімі дрэвамі Дрыяды апранаюцца ў шыкоўныя карункі пастэльных тонаў. Не заўважыць – сорамна, не захапіцца – цяжка, не закахацца – нельга. Набліжэнне непазбежна. Спыніцеся пад бела-ружовым дрэвам, паглядзіце знутры ўверх. Шчыльная безліч тонкіх пялёсткаў закрывае кавалачкі нябеснага блакіту. Чароўны водар ахінае вас, з’яўляецца ўстойлівая сімпатыя да жыцця.



ТРАВЕНЬ

Гаваркі. Насычаны. Упэўнены. У параўнанні з музыкай – паўнавартасны, якасны, аб’ёмны гук. Лісце набірае дадатковую моц, утрымліваючы трывалы зялёны колер. Востры салодкі пах, ад якога ўвечары нікуды не магчыма схавацца… Гарадскі бэз чакае на дождж. Падключаецца неба. Цёплыя навальніцы старанна прамываюць паветра і тое, што ні ў якім разе не павінна запыліцца. Дрыяды святкуюць разнастайнасць праяўленняў.  



ЧЭРВЕНЬ

Прыкаванае каранямі да берага, дрэва ўяўляе сябе караблём. Выцягнулася, глядзіцца ў люстэрка вады калматай кронай. Дрыяды бавяць час разам. Сапраўдныя спакусніцы! Сапраўднае насланне. Вада хуткая і празрыстая, водблескі толькі жартуюць над імі: паказваюць уласныя выявы ды неба. Сачыняць пра адлюстраванне бессэнсоўна. Будучыню прыйдзецца прыдумаць. Трэба ж некуды быццам плысьці на гэтым быццам караблі.



ЛІПЕНЬ

Вылучаецца нешта асаблівае. “Неасцярожны чырвоны” рассыпаецца салютам сакавітых адценняў. Неонавыя агні півоняў – сімвал упэўненай прыгажосці. Каралеўскі запал: ніякіх кампрамісаў і сціпласці. Навошта цяпер? Колер вырашае усё. Занадта вольныя думкі ўвогуле, занадта цікавыя акцэнты ў прыватнасці. Адразу відаць – самы росквіт, самы час! Беражыце сэрца. Пульс зашкальвае.



ЖНІВЕНЬ

Ц-ц-ц-ц… Засынай у спякотных абдымках начэй. Дрыяда маўчыць, бо ведае: час цёмны, а вецер цёплы... Ц-ц-ц… Цыкады… Зорная глыбіня спявае ціха... Ц-ц-ц… Бліскучыя кропкі паўсюль, агеньчыкі вандруюць па аксамітнай цемры ў кулісах вялікай сцэны… Ц-ц-ц… Дзівосна ззяюць каштоўныя камяні ў сафітах зорак. Раніцай яны астынуць і згаснуць, як і яго пацалункі.



ВЕРАСЕНЬ

Незразумелы сум прадчуванняў… Дрыяда назбірала золата, раздае яго ў кожным трывожным паглядзе бурштынавых вачэй. Як мага цяплей намагаецца яна развітацца з яшчэ жывымі раслінамі і кветкамі. Гэта і ёсць ўвасабленне маладой восені, прыгожы пачатак канца.



КАСТРЫЧНІК

Паветра такое празрыстае… Абарона ад холаду – цёплыя колеры. Лісце, падобнае на полымя, крычыць, кідаецца ў вочы, але не сагравае. Экватар восені блізка. Выратаванне шукаеш у сталай прыгажосці. Нішто не вечна, і за ўсё трэба плаціць. Дрэвы паціху распранаюцца: без крыўды, без сораму, без шкадавання. Прырода – гэта мудрасць.  Яе пастаянства – ў зменлівасці. Яна ўсё робіць прыгожа.



ЛІСТАПАД

Прастора  візуальна пашыраецца ў адсутнасці аб’ёмістых каляровых упрыгожванняў. Знізу  застаецца скамянелы падмурак, па баках няма за што зачапіцца: бачым амаль усё наскрозь. Дрыяда, падобная да воіна, існуе ва ўмовах мінімалізму: абараняецца іншымі сродкамі выразнасці, адпачывае ў глыбокім роздуме. Так ужо н еаднойчы было. І яшчэ не аднойчы будзе.  

​​​​​​​

СНЕЖАНЬ

Галоўная з Дрыяд – снежаньская. Яе Вялікасць прымае ўмоўную справаздачу. Выніковы  пратакол здаецца ў архівы часу. Дрыяды адчуваюць афіцыйнасць моманту, урачыста святкуюць яго, пакуль на заснежаных дрэвах звыкла і незаўважна змяняецца колькасць гадавых калец.


 

УДЗЕЛЬНІКІ:

Ганна Герт – аўтар праекта, фотамастак.
Ала Свірыдзенка – мастак-мадэльер.
Дар’я Палуян – дызайнер авангардных упрыгожванняў.
Надзея Сліжэўская – стыліст.
Надзея Падрэз – аўтар мастацкіх тэкстаў.




Дзякуй за прагляд!

Дрыяды
Published:

Owner

Дрыяды

Published:

Creative Fields